Сапраўдны вопыт UWC пачынаецца тады, калі ён сканчаецца


Каб зразумець усё хараство united world каледжа трэба, сапраўды, правучыцца там два гады. А для таго, каб адчуць атмасферу адзінства нацыянальнасцяў, пазнаёміцца з UWC каштоўнасцямі і набрацца натхнення для змены свету да лепшага - досыць з'ездзіць на кароткі курс. Нам з Уладам і выпала гэтая адказная місія прадстаўляць Беларусь на кароткім курсе. І вось мы тут, у халоднай, але поўнай найпрыгажэйшых азёр Фінляндыі. Наш імправізаваны кампус размяшчаецца недалёка ад горада Joensuu, які знаходзіцца на ўсходзе краіны, у 130 кіламетрах ад Расійскай мяжы.

Калі я не памыляюся, то нас, удзельнікаў, тут 47. Усё з розных куткоў Еўропы. Фасілітатараў крыху менш - 16. Як правіла, гэта студэнты uwc, еўрапейскія актывісты або сапраўдныя валанцёры. Тэма ўсяго двухтыднёвага івэнту - "re-thinking identities". За 14 дзён у нас было больш за 20 воркшопаў на тэму нацыянальнасці, класа, гендэра, сексалогіі, і расы. А ў пачатку заезду наша дружная інтэрнацыянальная сям'я была размеркавана па праектных групах. Я трапіла ў праект "street art", Ўлад ў "анцірасізм". Астатнія дапамагалі пажылым людзям у доме састарэлых і ў "reception centre", дзе часова i пастаянна пражываюць бежанцы.

А наш дзень выглядаў прыкладна так. Для жаўрукоў раніца пачынаецца ў 7 гадзін. Перад намі паўстае цэлы выбар ранішніх актыўнасцяў: бег, йога, медытацыя. Выбірай, што душы заўгодна, а калі хочаш -спі далей. З 8 раніцы пачынаецца сняданак, затым ўся short course family збіраецца на агульную сустрэчу, дзе фасілітатары і агаворваюць план на дзень. У пачатку дзясятага разбягаемся па воркшопах. Нас вельмі шмат, таму рабочыя групы пастаянна змешваюць, каб за два тыдні ўсе ўдзельнікі паспелі адзін з адным пазнаёміцца. Настае час абеду! Мне асабліва запомніўся супчык з шпінату або морквы, ужо ўпадабаны мяккі фінскі хлебушек і рыба, вядома ж, рыба!Да гадзіны ўсе разыходзяцца для працы ў праектных групах. Мая каманда стрыт арт на аўтобусе з'язджае ў горад: рыхтуем флэшмобы для мясцовых жыхароў, дапамагаем на фестывалі "parafest". Увогуле, весялосьць, мазгавы штурм і групавая праца! Час вячэры! Пасля вечары наш расклад становіцца больш мабільным. Можна гуляць у валейбол, футбол і фрызбі, купацца ў возеры пасля фінскай сауны, глядзець кіно ці весяліцца на dance party. У 9-й гадзіне сход з тваёй "umbrella group". Гэта некалькі ўдзельнікаў і фасілітатары, якія на час курса з'яўляюцца тваёй самай блізкай сям'ёй. Да іх мы, у першую чаргу, звяртаемся ды дзелімся сваімі ўражаннямі пра дзень. Поўнач, але ніхто не спіць. Ала з Албаніі спрабуе прыгатаваць смачнае печыва, Адам са Швецыі вучыць мяне гатаваць каву па-турэцку, нам акампануюць дзяўчынкі з Украіны, якія да раніцы саліруюць з песнямі пад гітару, самыя адказныя займаюцца падрыхтоўкай да дня адчыненых дзвярэй. А дзе Улад? А, ён ўнізе глядзіць мюзікл з фінамі.

Два тыдні праляцелі як адзін дзень. Дадому з'язджаць, вядома, не хацелася. Але што зробіш, атрыманыя веды трэба перадаваць і імі дзяліцца. Бо як сказаў польскі фасілітатар, Войтэк, "сапраўдны вопыт uwc пачынаецца тады, калі ён канчаецца."

аўтар Дар’я Давідоўская